СІЯ́ЛАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

аднаасноўныя поліаксіамінакіслоты, вытворныя нейрамінавай кіслаты. У звязаным стане (уваходзяць у састаў глікапратэідаў, глікаліпідаў і інш.) прысутнічаюць ва ўсіх тканках жывёл і чалавека, у некат. мікраарганізмах. У свабодным выглядзе выяўлены ў спіннамазгавой вадкасці, слізістай абалонцы страўніка, шчытападобнай залозе.

Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе, не раствараюцца ў эфіры, мала — у метаноле. Моцныя к-ты. С.к. вызначаюць антыгенныя рэцэптарныя ўласцівасці паверхні клетак, удзельнічаюць ва ўзаемадзеянні клетак з вірусамі, таксінамі, гармонамі. Надаюць высокую вязкасць сакрэтам слізістых абалонак дыхальных і палавых шляхоў, страўніка, што ахоўвае іх ад мех. і хім. пашкоджанняў, пранікнення бактэрый. Узровень С.к. у крыві павышаецца пры многіх запаленчых захворваннях, інфаркце міякарда, злаякасных пухлінах і інш., памяншаецца пры некат. прыроджаных захворваннях печані.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)